ТРАВЯНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ, травы,
жыццёвая форма раслін. Пашыраны ўсюды. Складаюць травастой лугоў, пашы і сенажацяў. На Беларусі каля 1,4 тыс. дзікарослых Т.р., больш за 5 тыс. відаў, сартоў і форм інтрадукавана.
Экамарфал. адзнака Т.р. сезоннага клімату — адсутнасць прамастойных надземных сцёблаў, што перажываюць неспрыяльны сезон. Сцёблы бываюць мяккія, сакаўныя або маюць некат. характэрныя рысы ўнутр. будовы (слабае адраўненне, рассечаная ці моцна парэнхіматызаваная стэла, адсутнасць перыдэрмы, слабая дзейнасць камбію). Т.р. бываюць аднагадовыя і шматгадовыя, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца на ўзроўні глебы або ў глебе і размешчаны на карэнішчах. каўдэксах, клубнях, цыбулінах, радзей на паўзучых падземных парастках.
т. 15, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)